Адныя замыкаецца і адмаўляецца ўспрымаць інфармацыю, другія ўдзячныя за адкрытыя дзверы ў мінулые і з захапленнем слухаюць байкі старых дакументаў, трэція пачынаюць самі шукаць карані ўжо па іншым прозвішчам сям'і. Калі захаваліся архіўныя дакуметы касцёлаў ды цэркваў, то імёны прашчураў сялян можна знайсці нейдзе да 1780 года, а калі ў вас былі продкі са шляхты, то ёсць верагоднасць, што пашансціць дайсці у пошуках да 1650 года і займець выгляд свайго герба. А таксама заўсёды дзейнічае прынцып - жыў ціха, то не застаўся ў гісторыі не толькі краіны, не застаўся ў гісторыі і для сваіх жа нашчадкаў.
Чалавек добра памятае сваіх дзядоў, магчыма ўзгадае імя прадзеда. А як жылі, што рабілі, чаго баяліся, гэтая інфармацыя ўжо з гадамі сыходзіць у мінулае. Таму калі знаходзіш, што Азаронкі 5 разоў падавалі дакументы каб выкупіць надзел зямлі ў 1905 годзе, калі даведваешся як Адынцы ў 1910 годзе судзіліся за свой лес і аспрэчвалі спадчыну, як Нарушэвіч у 1810 годзе змяніў сваё імя, як Цынкевічы ў 1926 годзе падалі скаргу ў савецкі суд на раздзел зямлі, як Доўнары ў 1925 годзе былі раскулачаны і пераехалі з хутара ў вёску, ці як Макоўскія ў 1745 годзе пасля смерці бацькі прадалі адзін маёнтак, а на замену набылі пяць у наваколлі, то пасля гэтага разумееш, што гісторыя размаўляе з табой праз твае ж карані.
Веру, што праз пэўны час, і гэты час настане даволі хутка, людзям стане цікава - хто ж жыў да нас і наколькі глыбока можна знайсці забытыя імёны. Гісторыя не пачынаецца з 1917 года і тым больш не пачынаецца з падзей Другой сусветнай вайны. Тодар, Марцэля, Феліцыяна, Гаўрыла, Караліна, Сымон, Мартын, Тадэўш, Тамаш, Базыль, Тадора, Стэфан, Тэкля - гэта толькі малая частка магчыма ўжо нязвыклых для нашага вуха імёнаў, якія можна знайсці ў радаводзе. І жылі яны ў 1700-х, ці 1800-х гадах. Яны бачылі раздзелы Рэчы Паспалітай, яны бачылі войскі Напалеона, перажылі тры паўстанні на нашай тэрыторыі, яны служылі ў войску і былі сведкамі на вяселлях. Рабілі ўсё тое ж самае, што магчыма робім і мы, проста мы пра іх забылі.
У маім сямейным дрэве 1733 імя з іх 946 мужчын і 787 жанчын, 12 пакаленняў, 4 з якіх даходзяць каранямі да 1650 года. Калі я раздрукую ўсіх продкаў і знойдзеных сучаснікаў па ўсім лініям то гэта будзе вялікая шпалера ў 2,5 метры шырынёй і больш за 50 см вышынёй.
Гартаючы архіўныя дакументы, шкадую аб адным - няма ўжо маіх бабуль і дзядуль, не засталося іх стрыечных братоў і сясцёр, бо менавіта ім было б дужа цікава даведацца пра шмат якія знойдзеныя мной факты. Бо менавіта яны ўсе добра ведалі нашых прадзедаў і прапрадзедаў, бо для іх гэта былі ўсяго толькі бацькі і дзяды, і іх вобраз яны трымалі ў сваёй памяці.
Але ганаруся тым, што адкрываю свет продкаў, які быў поўны любові, здрады, кахання, змагання і прагі да жыцця. Таму, дзякуй вялікі ўсім хто не закрыўся ад амаль незнаёмага для вас чалавека, і распавядаў мне пра свае карані, якія дзякуючы знойдзеным дакументам для нас ужо становяцца агульнымі.
Присоединяйтесь к ОК, чтобы посмотреть больше фото, видео и найти новых друзей.
Нет комментариев